Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/06/10/ru_1090730_858585/
Дата раздрукоўкі: 17.06.2021 12:32
10.06.2021 11:53 Грамадства, Палітыка

Сцяпану Латыпаву паўторна прызначаная псіхіятрычная экспертыза

Мінск, 10 чэрвеня. Суд Савецкага раёна Мінска на пасяджэнні 10 чэрвеня прызначыў паўторную стацыянарную экспертызу абаронцу мурала з "дыджэямі Перамен" Сцяпану Латыпаву.

Дзяржабвінаваўца выказаўся за правядзенне псіхіятрычнай экспертызы, Латыпаў быў супраць. Яго абаронца лічыць правядзенне экспертызы немэтазгодным, бо такая экспертыза ўжо праводзілася на стадыі папярэдняга следства.

Працэс над Латыпавым пачаўся 1 чэрвеня, яго вядзе суддзя Аляксандр Воўк. Абвінавачанне падтрымлівае памочнік пракурора Савецкага раёна Уладзімір Рабаў.

Латыпава, прызнанага праваабаронцамі палітвязнем, абвінавачваюць на падстве частак 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што прывялі да парушэння працы транспарту і арганізацый, і актыўны ўдзел у такіх дзеяннях), ч. 2 арт. 363 (супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку) і ч. 4 арт. 209 (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса.

1 чэрвеня пасля паказанняў бацькі Сяргея Латыпава абвінавачаны заявіў, што да яго прыходзілі з галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС (ГУБАЗіК) і папярэдзілі: калі ён не пагодзіцца з абвінавачаннем, праблемы будуць не толькі ў яго, але і ва ўсёй сям`і. Затым Сцяпан Латыпаў стаў на лаву ў клетцы, дастаў востры прадмет і ўсадзіў яго сабе ў горла, пасля чаго страціў прытомнасць і ўпаў.

З суда Латыпава даставілі ў хірургічнае аддзяленне Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, дзе аказалі дапамогу. У той жа дзень Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра стабільны стан падсуднага. 10 чэрвеня ў судзе Латыпаў сказаў адвакату, што яго адвезлі ў медсанчасць СІЗА № 1 у ноч на 2 чэрвеня. Акрамя таго, ён заявіў: "Усе мае дзеянні звязаныя не з маёй неадэкватнасцю, а неадэкватнасцю супрацоўнікаў ГУБАЗ". Паводле слоў Латыпава, ён не мае суіцыдальных схільнасцей, што і пацвердзіла першая судова-псіхіятрычная экспертыза.

На сённяшнім судовым пасяджэнні да Латыпава, у якога на шыі шнар даўжынёй не менш за 10 см, прымененыя асаблівыя меры канваявання: яго рукі прышпіленыя кайданкамі да рук канваіраў, якія знаходзяцца з ім на лаве. Латыпаў хадайнічаў аб перапынку ў судзе ў сувязі з канфіскацыяй у яго ўсіх матэрыялаў справы. Суд адмовіў.

На працэс прыбылі намеснік кіраўніка прадстаўніцтва Еўрасаюза Эвеліна Шульц і першы сакратар пасольства Швецыі Конрад Рыкардсан. На грудзях Шульц значок "Свабоду палітвязням". Перад пачаткам працэсу яна пагутарыла з сваякамі і знаёмымі Латыпава.

Паводле слоў дыпламата, прадстаўніцтва назірае за важнымі падзеямі ў Беларусі, і рэзананснымі судовымі працэсамі ў тым ліку. Яна пацікавілася ўмовамі ўтрымання Латыпава, а таксама працы журналістаў на судовых працэсах. Карэспандэнт БелаПАН адзначыла, што акрэдытаваным журналістам не гарантаваны доступ у залу пасяджэння. Акрамя таго, згодна з новымі ўнутранымі правіламі цалкам забароненая фота- і відэаздымка ў будынку суда. За тым, каб журналісты не здымалі, сочаць некалькі супрацоўнікаў міліцыі і работнікаў суда.

Сцяпан Латыпаў быў затрыманы 15 верасня 2020 года і змешчаны ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Актывіста затрымалі ў двары яго дома на вуліцы Чарвякова, на "плошчы Перамен", дзе раней вывешвалі бел-чырвона-белыя сцягі, а на вентыляцыйнай будцы малявалі двух дыджэяў, якія ўключылі песню Віктара Цоя "Перамен" 6 жніўня на афіцыйным мерапрыемстве ў Кіеўскім скверы.

Паводле абвінавачання, Латыпаў аказаў актыўны супраціў супрацоўнікам міліцыі, спалучаны з гвалтам. Пацярпелымі прызнаныя трое міліцыянераў.

Латыпаў быў дырэктарам і бухгалтарам прадпрыемства "Беларба", якое займаецца знішчэннем непажаданых раслін. Згодна з версіяй абвінавачвання, з красавіка 2019 года да верасня 2020-га Латыпаў "пад выглядам ажыццяўлення законнай дзейнасці, шляхам падману і ўвядзення ў зман завалодаў грашовымі сродкамі не менш як 16 юрыдычных асоб на агульную суму большую за 123 тысячы рублёў".

Махлярства, паводле версіі дзяржабвінаваўцы Рабава, заключаецца ў тым, што Латыпаў заключаў дагаворы на апрацоўку плошчаў ад баршчэўніка Сасноўскага ў розных раёнах Беларусі, плошчы або не апрацоўваліся, або апрацоўваліся забароненымі ў краіне хімічным рэчывамі, "ствараючы бачнасць выкананых паслуг". За замову Латыпаў атрымліваў ад двух да сямі тысяч рублёў.

Рашэнне аб аднаўленні судовага працэсу будзе прынятае пасля атрымання вынікаў экспертызы.

Алена Спасюк, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239