Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/06/10/ru_1090797_1090798/
Дата раздрукоўкі: 17.06.2021 11:56
10.06.2021 16:20 Эканоміка

Інфляцыя ў Беларусі за пяць месяцаў перавысіла гадавы прагноз уладаў

Мінск, 10 чэрвеня. Спажывецкія цэны ў Беларусі ў маі ў параўнанні з красавіком 2021 года выраслі на 0,6%, у параўнанні са снежнем 2020-га — на 5,2%, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт. У гадавым вымярэнні інфляцыя ў маі склала 9,4% (у красавіку — 8,6%).

У маі ў дачыненні да красавіка цэны на харчовыя тавары выраслі на 0,8% (з пачатку года — на 5,5%, за год — на 8,9%), на нехарчовыя — на 0,8% (5,6% і 10,6%), на паслугі — знізіліся на 0,2% (выраслі на 4,2% і 8,7%).

Для параўнання: у маі 2020 года назіралася дэфляцыя (цэны да красавіка знізіліся на 0,1%), у студзені—маі 2020 года цэны выраслі на 3,2%, а ў цэлым па годзе інфляцыя склала 7,4% пры афіцыйным прагнозе 5%. У 2021 годзе ўрад прагназуе інфляцыю не вышэй за 5%

На думку спецыялістаў Нацбанка, паскарэнне інфляцыі ў першым квартале 2021 года звязана з пераносам леташняга росту валютнага курсу на цэны, а таксама з павелічэннем цэн на сусветным рынку харчавання і адменай падатковых ільгот у пачатку года для пастаўшчыкоў лекаў. У наступныя кварталы, прагназуюць спецыялісты рэгулятара, інфляцыя будзе запавольвацца і па выніках года можа скласці каля 7%.

Еўразійскі банк развіцця адзначае рызыку ўзмацнення інфляцыйнага націску для эканомікі Беларусі з-за санкцый ЗША ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў. Пра гэта гаворыцца ў майскім эканамічным аглядзе, падрыхтаваным аналітыкамі ЕАБР.

У ім адзначаецца, што беларускі Нацбанк зрабіў больш жорсткай грашова-крэдытную палітыку на фоне высокай інфляцыі і інфляцыйных чаканняў. Стаўка рэфінансавання 21 красавіка павышаная на 0,75% — да 8,5%. Паводле разліку ЕАБР, падтрыманне стаўкі рэфінансавання на ўзроўні 8,5% сёлета пры захаванні Нацбанкам кантролю за грашовай прапановай можа прывесці да запаволення інфляцыі да 6,5—7% на канец года.

"Разам з тым прысутнічае рызыка ўзмацнення інфляцыйнага націску ў гэтым годзе пры рэалізацыі пагрозы скарачэння беларускага экспарту з-за аднаўлення абмежавальных мер з боку ЗША ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу", — адзначаюць аналітыкі ЕАБР.

На думку беларускіх эканамістаў, у 2021 годзе інфляцыя перавысіць афіцыйны прагноз і можа скласці каля 10%. Афіцыйны прагноз быў вызначаны ў мінулым годзе і не прадугледжваў ні ўзнікнення глабальнага эканамічнага крызісу, ні пандэміі, ні рэзкіх скачкоў на валютным рынку. Таму пра ўтрыманне інфляцыі ў межах 5% у гэтым годзе можна ўжо забыць, лічаць эксперты.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239