Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/06/14/by_media_prot1/
Дата раздрукоўкі: 25.07.2021 09:48
14.06.2021 21:40 Відэа, Грамадства

Кіраўнік дэпартамента па авіяцыі: Вынікі расследавання сітуацыі з самалётам Ryanair, падобна, акрамя Беларусі нікому не патрэбныя

Дырэктар дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Арцём Сікорскі на прэс-канферэнцыі 14 чэрвеня ў Мінску абурыўся тым, як праходзіць распачатае Міжнароднай арганізацыяй грамадзянскай авіяцыі (ICAO) расследаванне пасадкі самалёта Ryanair у Мінску.

Паводле яго слоў, ужо ў 21.03 23 мая — у дзень інцыдэнту — Беларуссю "першай зробленая афіцыйная заява ў ICAO аб неабходнасці правядзення міжнароднага расследавання з мэтай выключэння палітызацыі авіяцыйнай бяспекі, а таксама ў сувязі з хваляй фэйкавых навін, якія вельмі хутка апанавалі розумы нават авіяцыйных спецыялістаў".

24 мая, сказаў Сікорскі, ён і камандуючы ВПС і СПА правялі "адкрыты брыфінг, на якім з пасекунднай дакладнасцю ўзнавілі падзеі, што адбыліся ў беларускім небе". Ні адзін іншы бок "на такую адкрытасць не пайшоў", заявіў кіраўнік дэпартамента.

"28 мая мы выступілі ў радзе ICAO, дзе падрабязна давялі ўсе абставіны таго, што здарылася, і паўторна запрасілі ўсіх зацікаўленых узяць удзел у міжнародным расследаванні, — сказаў ён. — Разам з тым непадробленае здзіўленне выклікала рэакцыя краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі — членаў рады ICAO, якія большасцю галасоў прыбралі з рэзалюцыі рады ініцыятыву Беларусі аб правядзенні транспарэнтнага расследавання і прыцягненні да адказнасці вінаватых бакоў".

"Толькі 4 чэрвеня генеральны сакратар ICAO апавясціў нас аб стварэнні камісіі. Дзіўна, але да нас не давялі ні склад камісіі, ні кампетэнцыі гэтай камісіі. Пра візіт членаў камісіі ў Беларусь у гэты час гаворка не ідзе. Нас проста папрасілі выслаць матэрыялы, якія, дарэчы, часткова ўжо былі накіраваныя ў ICAO 24 мая", — дадаў Сікорскі.

Паводле яго слоў, не чакаючы нават папярэдніх вынікаў расследавання ICAO, "уся Еўропа, якая выступае за вяршэнства права, выступіла цалкам беззаконна, поўнасцю зняважыла нормы міжнароднага паветранага права, стварыўшы ў сусветнай авіяцыі нестабільнасць і непрадказальнасць — галоўных ворагаў бяспекі".

"Мы цяпер назіраем, што вынікі расследавання, падобна, акрамя Беларусі нікому не патрэбныя, — сказаў прадстаўнік Мінтранса. — І наогул пра якое права можна казаць, калі нам сваіх грамадзян з Еўропы не давалі забраць, [мы] ляталі па нейтральных водах, распрацоўвалі цэлыя аперацыі, прарываліся літаральна за сваімі грамадзянамі".

Ён дадаў, што ў гэты час працягваецца праца міжведамаснай камісіі, якая не можа скончыць сваё расследаванне без звестак перамоў з борта паветранага судна Ryanair. Беларусь, паводле яго слоў, 1 чэрвеня звярнулася з просьбай падаць звесткі аб'ектыўнага кантролю ў Польшчу — краіну рэгістрацыі паветранага судна, а таксама Ірландыю — краіну — эксплуатант судна.

"Адказаў мы да гэтага часу не атрымалі. Без звестак аб перамовах камісіі няясныя шматлікія абставіны здарэння. Напрыклад, чаму паветранае судна да самай мяжы ішло на крэйсерскай вышыні і хуткасці, чаму было прынятае рашэнне ўсё ж рушыць у Мінск і шмат іншага", — растлумачыў ён.

"Наогул ва ўсёй гэтай сітуацыі звяртаюць на сябе ўвагу паводзіны нашых еўрапейскіх калег: калі няма фактаў, доказаў і жалезных аргументаў, у справу ідуць непрыхаваныя фэйкі, — сказаў Сікорскі. — Так, напрыклад, выразна разумеючы, што патрабаванні авіябяспекі выкананыя намі да апошняй коскі і ніякага прымусу да пасадкі не было, тым больш пад пагрозай баявой авіяцыі, адразу ж з'явілася новая перакручаная фантазія, што пасадка ажыццёўленая пад выдуманай пагрозай".

"Я як кіраўнік надзвычай складанай і адказнай авіяцыйнай галіны, дзе кошт памылкі мае катастрафічныя наступствы, з поўнай адказнасцю заяўляю, што пагрозы былі прафесійна ідэнтыфікаваныя ў адпаведнасці з дапаможнікам па авіябяспецы ICAO, а таксама асноватворным прынцыпам авіябяспекі — ставіцца да ананімнай пагрозы як да рэальнай пагрозы жыццю і здароўю людзей і бяспецы палётаў", — заявіў дырэктар дэпартамента па авіяцыі.

Відэа Андрэя Шаўлюгі, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239