Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/06/14/by_media_prot3/
Дата раздрукоўкі: 25.07.2021 08:07
14.06.2021 21:37 Відэа, Грамадства

Пратасевіч: Ніхто не прымушаў мяне да супрацоўніцтва са следствам

Блогер Раман Пратасевіч заявіў, што следства не прапаноўвала яму супрацоўніцтва ў абмен на волю.

"Ніякага торгу са следствам ці чагосьці да гэтага падобнага ў мяне не было, — заявіў ён на прэс-канферэнцыі ў Мінску 14 чэрвеня. — Любы мой удзел з`яўляецца добраахвотным, як і інтэрв`ю [Марату] Маркаву [на ОНТ]. Ніхто не прымушаў да супрацоўніцтва са следствам. Гэтыя мае дзеянні — супрацоўніцтва са следствам — звязаныя з тым, што я разумею, якую шкоду я нанёс не толькі дзяржаве, але і краіне".

"І цяпер я хачу зрабіць усё, што ў маіх сілах, для таго каб выправіць гэтую сітуацыю, — дадаў Пратасевіч. — І больш за тое, я, напэўна, магу сказаць трохі ў працяг. Я ведаю, што ў інтэрнэце пішуць, мне давалі пачытаць зводкі тэлеграм-каналаў і гэтак далей. Я ведаю, што многія мяне называюць ледзь не здраднікам. Вы ведаеце, маё сумленне абсалютна чыстае. Я нікому не здраджваю, я нікога не здаю. Я супрацоўнічаю сапраўды са следствам, я дапамагаю следству, я дапамагаю сваёй краіне і маю намер дапамагаць далей".

Ён таксама абверг чуткі аб тым, што ў СІЗА яго збіваў асабіста Аляксандр Лукашэнка. Такую інфармацыю распаўсюдзіў сёння адзін з тэлеграм-каналаў, прызнаных у Беларусі экстрэмісцкімі. "Добра, што вы пачалі пытанні з жарту, — заявіў Пратасевіч у адказ на адпаведнае пытанне БелаПАН. — Наконт вось гэтага жарту я, напэўна, нават каментаваць нічога не буду. Гэта проста смешна".

Каментуючы сінякі, якія заўважылі ў яго на руках падчас інтэрв`ю ў праграме "Маркаў. Нічога асабістага", блогер растлумачыў: "Гэта сляды ад сцяжак, якія на мяне надзелі падчас затрымання, бо затрыманне, наколькі я зразумеў, было для супрацоўнікаў настолькі нечаканае, што, увогуле, у іх не было пры сабе кайданкоў. Гэта адзінае, што наогул можа быць".

Ён запэўніў, што выдатна сябе адчувае, ніякіх скаргаў не мае. Калі нехта ў гэтым сумняваецца, ён гатовы з дазволу следства прайсці незалежную экспертызу, сказаў Пратасевіч.

З нагоды кантактаў з т.зв. генпракуратурай Луганскай народнай рэспублікі, якая распачала ў дачыненні да Пратасевіча крымінальную справу за ўдзел у баявых дзеяннях у складзе ўкраінскага добраахвотніцкага батальёна "Азоў", блогер заявіў: "Любыя афіцыйныя паказанні я даю толькі прадстаўнікам Следчага камітэта". Ці даваў ён неафіцыйныя паказанні, падследны не ўдакладніў.

Паводле слоў Пратасевіча, закладнікам сітуацыі, якая развівалася вакол яго, стала яго дзяўчына Сафія Сапега, а таксама яго бацькі, якія "цяпер знаходзяцца ў Польшчы ва ўмовах інфармацыйнага вакууму". "Проста падумайце, як рэагавалі б вашы маці, калі б вы апынуліся ў такіх жа месцах, як і я, і вам бы казалі пра тое, што вашага сына збіваюць, хоць гэта абсалютна не так", — сказаў ён.

Пратасевіч папрасіў менш распаўсюджваць "чуткі і здагадкі, якія не маюць пад сабой ніякай падставы". Ён заявіў, што яго бацькоў цяпер "проста выкарыстоўваюць, яны ездзяць з нейкімі акцыямі пратэсту", "за іх спінамі стаяць канкрэтныя палітычныя дзеячы". Блогер таксама выказаў упэўненасць, што яго бацькі могуць бяспечна вярнуцца дадому.

"Я хачу наўпрост звярнуцца да сваіх бацькоў: мам, тат, не хвалюйцеся. У мяне, праўда, усё выдатна", — сказаў Пратасевіч.

Відэа Андрэя Шаўлюгі, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239