Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/06/15/eu_1091287_200147/
Дата раздрукоўкі: 25.07.2021 09:14
15.06.2021 17:16 Палітыка, Грамадства, Беларусь — Еўрасаюз

Дырэктар Ryanair: Улады Беларусі наўмысна парушылі ўсе міжнародныя авіяцыйныя правілы

Мінск, 15 чэрвеня. Дырэктар авіякампаніі Ryanair Майкл О'Ліры на пасяджэнні транспартнага камітэта Палаты абшчын парламента Вялікабрытаніі 15 чэрвеня даў паказанні аб сітуацыі з вымушанай пасадкай самалёта 23 мая ў Мінску. Ён заявіў пра наўмыснае парушэнне ўладамі Беларусі ўсіх міжнародных авіяцыйных правілаў і нормаў бяспекі.

Як піша выданне The Irish Times, паводле сведчанняў О'Ліры, авіядыспетчары ў Мінску паведамілі экіпажу рэйса Ryanair, які рухаўся з Афінаў у Вільнюс, пра атрыманую імі "рэальную пагрозу, што на борце самалёта выбухне бомба, калі ён увойдзе ў паветраную прастору Літвы або паспрабуе прызямліцца ў вільнюскім аэрапорце".

Паводле яго слоў, камандзір самалёта "неаднаразова прасіў мінскі цэнтр кіравання паветраным рухам даць адкрытую лінію сувязі з дыспетчарскім пунктам Ryanair у Варшаве". На гэта яму казалі: "У Ryanair не адказвалі на тэлефанаванні", што "абсалютна не адпавядала рэчаіснасці".

О'Ліры сказаў, што рэйсы Ryanair, якія адхіляюцца ў тым пункце, звычайна прызямляюцца ў Польшчы і краінах Балтыі, але на камандзіра судна "рабіўся значны націск", каб ён прызямліўся ў Мінску. "Яму не загадвалі зрабіць гэта, але яму не пакінулі ніякай альтэрнатывы", — сказаў ён на пасяджэнні камітэта.

Паводле слоў дырэктара Ryanair, пасля прызямлення ў Мінску "ў самалёт зайшлі некалькі неўстаноўленых асоб, у якіх былі відэакамеры". Гэтыя людзі "неаднаразова спрабавалі прымусіць экіпаж сказаць на відэа, што яны добраахвотна накіраваліся ў Мінск", але экіпаж "адмовіўся пацвярджаць гэта".

Ён дадаў, што пасажыраў і практычна ўвесь экіпаж даставілі ў будынак аэравакзала. Камандзір жа застаўся на борце самалёта, аднак "кожны раз, калі ён пакідаў кабіну, яго суправаджаў узброены ахоўнік". "Была вельмі небяспечная і варожая абстаноўка. У рэшце рэшт прыкладна праз восем гадзін мы вярнулі самалёт з Мінска", — сказаў О'Ліры.

Пасля ўзлёту, адзначыў ён, на борце не аказалася пяці пасажыраў — Рамана Пратасевіча і яго спадарожніцы Сафіі Сапегі, а таксама "трох неўстаноўленых асоб": "Наколькі нам вядома ад спецслужбаў, цалкам верагодна, што яны былі з КДБ. Мы не ведаем, гэта быў расійскі КДБ (цяпер у РФ аналагічная структура — ФСБ. — БелаПАН.) ці беларускі, у любым выпадку мы не ўпэўненыя, што ёсць вялікая розніца".

"Гэта было відавочна наўмыснае парушэнне ўсіх міжнародных авіяцыйных правілаў, нормаў і правілаў бяспекі. Самалёт пасадзілі, скарыстаўшыся ілжывай падставай, да таго прыцягнулі мінскі цэнтр кіравання паветраным рухам. І здаецца відавочным, што двое пасажыраў былі знятыя [з рэйса] супраць іх волі, сілком затрыманыя", — дадаў ён.

У адказ на здарэнне Вялікабрытанія і ЕС забаранілі беларускай авіякампаніі "Белавія" палёты ў сваёй паветранай прасторы, а авіякампаніям сваіх краін — лятаць над Беларуссю. О'Ліры лічыць, што "захаванне такой палітыкі на пастаяннай аснове не адпавядае доўгатэрміновым інтарэсам галіны і пасажыраў".

"Не павінна быць сітуацый, калі авіякампаніі, авіялініі, нашых кліентаў і грамадзян могуць захапіць і перанакіраваць пад ілжывай падставай, — заявіў ён. — Але ў той жа час значна больш грамадзян Вялікабрытаніі сутыкнецца з праблемамі, напрыклад, пры далёкамагістральных пералётах паміж Вялікабрытаніяй і Азіяй, цяпер ім давядзецца аблятаць Беларусь, пазбягаць паветранай прасторы гэтай краіны".

"Таму трэба, каб еўрапейскія і брытанскія ўлады пры падтрымцы міжнародных партнёраў атрымалі ад уладаў Беларусі і Расіі адпаведныя гарантыі, што такога больш ніколі не паўторыцца", — перакананы дырэктар Ryanair.

На прэс-канферэнцыі 14 чэрвеня ў Мінску дырэктар дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Арцём Сікорскі заявіў, што Беларусь яшчэ ў дзень інцыдэнту звярнулася ў Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі (ICAO) з заявай пра неабходнасць правесці міжнароднае расследаванне. Ён абурыўся тым, што ICAO не апавясціла беларускі бок аб складзе і кампетэнцыі створанай для правядзення расследавання камісіі, а таксама тым, што краіны Еўропы прымянілі да Беларусі "паветраныя санкцыі", не дачакаўшыся нават папярэдняй справаздачы ICAO.

У сваю чаргу камандуючы ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл Беларусі Ігар Голуб заявіў, што ніякага "перахопу, прымусу да пасадкі і суправаджэння" самалёта Ryanair паднятым у паветра знішчальнікам МіГ-29 не было, і бліжэй як за 50 км баявая машына да цывільнага судна не набліжалася. Ён завочна задаў камандзіру самалёта Ryanair пытанні, чаму той не зніжаў вышыню для заходу на пасадку ў аэрапорце Вільнюса і не перасек мяжу з Літвой, да якой заставалася некалькі хвілін.

23 мая самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільнюс, вымушана сеў у Мінску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за звестак пра бомбу на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Мінску. Паводле даручэння Аляксандра Лукашэнкі для суправаджэння лайнера ў неба паднялі знішчальнік МіГ-29.

Пазней мініраванне не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца згодна з трыма артыкуламі Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады Беларусі раней накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Была затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега, грамадзянка Расіі.

Еўрапейскі савет заклікаў усіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕС, пазбягаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўрасаюза. Аднак яшчэ да гэтага закліку шэраг краін і асобныя авіякампаніі прынялі рашэнне прыпыніць палёты ў Беларусь і транзіт цераз яе тэрыторыю.

На экстранным пасяджэнні рады Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) 27 мая было прынятае рашэнне правесці расследаванне інцыдэнту. ICAO павінна падрыхтаваць прамежкавую справаздачу да 25 чэрвеня.

2 чэрвеня агенцтва авіяцыйнай бяспекі Еўрасаюза (EASA) выдала дырэктыву, у якой заклікала дзяржавы EASA абавязаць нацыянальных авіяперавозчыкаў пазбягаць паветранай прасторы Беларусі.

4 чэрвеня Міжнародная асацыяцыя паветранага транспарту (IATA) заклікала EASA прытрымлівацца прынцыпу "раздзялення палітыкі і авіяцыйнай бяспекі" і адмяніць дырэктыву.

У той жа дзень Савет Еўрасаюза афіцыйна забараніў усім беларускім авіяперавозчыкам пралёт над тэрыторыяй Еўрасаюза і доступ у аэрапорты ЕС.

Акрамя таго, 26 мая Украіна спыніла прамыя авіязносіны з Беларуссю, 28 мая — забараніла беларускім самалётам выкарыстоўваць сваю паветраную прастору.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239