Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/06/16/eu_1091349_587013/
Дата раздрукоўкі: 25.07.2021 09:21
16.06.2021 11:53 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Пастаянныя прадстаўнікі ЕС узгаднілі новыя санкцыі да Беларусі

Мінск, 16 чэрвеня. Камітэт пастаянных прадстаўнікоў Еўрасаюза (Coroper II) на пасяджэнні 16 чэрвеня ўзгадніў новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, санкцыі закрануць датычных да інцыдэнту з самалётам Ryanair.

Як паведамляе інфармагенцтва ТАСС са спасылкай на сваю крыніцу ў Бруселі, у новым спісе прыблізна 80 беларускіх чыноўнікаў, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС, і сем юрыдычных асоб.

Найбліжэйшым часам рашэнне фармальна зацвердзіць паводле пісьмовай працэдуры Савет ЕС на міністэрскім узроўні, і яно ўвойдзе ў сілу.

Верагодна, гэтыя санкцыі закрануць тых, хто мае дачыненне да інцыдэнту з самалётам Ryanair. У прыватнасці вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль, выступаючы 8 чэрвеня ў Еўрапарламенце, паведаміў, што завяршаецца праца над санкцыямі ў дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб, якія датычныя да інцыдэнту з самалётам Ryanair. Паводле яго слоў, спіс будзе ўхвалены ў найбліжэйшыя дні пісьмовай працэдурай.

Тады ж Барэль паведаміў, што на даручэнне Еўрапейскага савета вядзецца праца па падрыхтоўцы адрасных эканамічных санкцый да Беларусі. "Я спадзяюся, што яны будуць ухваленыя падчас наступнага пасяджэння Савета міністраў замежных спраў ЕС (запланаванае 21 чэрвеня. — БелаПАН.). Санкцыі будуць закранаць крытычныя галіны беларускай эканомікі, — сказаў ён. — Але фінальнае рашэнне будуць прымаць дзяржавы-члены. Я спадзяюся, што яны будуць адзіныя ў гэтым рашэнні".

23 мая самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільнюс, вымушана сеў у Мінску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за звестак пра бомбу на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Мінску. Паводле даручэння Аляксандра Лукашэнкі для суправаджэння лайнера ў неба паднялі знішчальнік МіГ-29.

Пазней мініраванне не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца згодна з трыма артыкуламі Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады Беларусі раней накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Была затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега, грамадзянка Расіі.

Еўрапейскі савет заклікаў усіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕС, пазбягаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўрасаюза. Аднак яшчэ да гэтага закліку шэраг краін і асобныя авіякампаніі прынялі рашэнне прыпыніць палёты ў Беларусь і транзіт цераз яе тэрыторыю.

На экстранным пасяджэнні рады Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) 27 мая было прынятае рашэнне правесці расследаванне інцыдэнту. ICAO павінна падрыхтаваць прамежкавую справаздачу да 25 чэрвеня.

2 чэрвеня агенцтва авіяцыйнай бяспекі Еўрасаюза (EASA) выдала дырэктыву, у якой заклікала дзяржавы EASA абавязаць нацыянальных авіяперавозчыкаў пазбягаць паветранай прасторы Беларусі.

4 чэрвеня Міжнародная асацыяцыя паветранага транспарту (IATA) заклікала EASA прытрымлівацца прынцыпу "раздзялення палітыкі і авіяцыйнай бяспекі" і адмяніць дырэктыву.

У той жа дзень Савет Еўрасаюза афіцыйна забараніў усім беларускім авіяперавозчыкам пралёт над тэрыторыяй Еўрасаюза і доступ у аэрапорты ЕС.

14 чэрвеня ў Мінску прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная ў тым ліку інцыдэнту з самалётам. Дырэктар дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Арцём Сікорскі заявіў, што Беларусь яшчэ ў дзень інцыдэнту звярнулася ў ICAO з заявай пра неабходнасць правесці міжнароднае расследаванне. Ён абурыўся тым, што ICAO не апавясціла беларускі бок аб складзе і кампетэнцыі створанай для правядзення расследавання камісіі і што краіны Еўропы прымянілі да Беларусі "паветраныя санкцыі", не дачакаўшыся нават папярэдняй справаздачы ICAO.

У сваю чаргу камандуючы ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл Беларусі Ігар Голуб заявіў, што ніякага "перахопу, прымусу да пасадкі і суправаджэння" самалёта Ryanair паднятым у паветра знішчальнікам МіГ-29 не было, і бліжэй як за 50 км баявая машына да цывільнага судна не набліжалася. Ён завочна задаў камандзіру самалёта Ryanair пытанні, чаму той не зніжаў вышыню для заходу на пасадку ў аэрапорце Вільнюса і не перасек мяжу з Літвой, да якой заставалася некалькі хвілін.

Раман Пратасевіч, які прысутнічаў на прэс-канферэнцыі, заявіў, што супрацоўнічае са следствам добраахвотна. "Я разумею, якую шкоду я нанёс не толькі дзяржаве, але і краіне. І хачу зрабіць усё, што ў маіх сілах, каб выправіць сітуацыю. Я нікому не здраджваю, нікога не здаю. Я дапамагаю следству і сваёй краіне і маю намер дапамагаць далей", — сказаў ён. Бацькі Пратасевіча, тым часам, перакананыя, што такія заявы іх сын вымушаны рабіць у сувязі з пагрозамі і шантажом з боку сілавікоў.

15 чэрвеня дырэктар авіякампаніі Ryanair Майкл О'Ліры на пасяджэнні транспартнага камітэта Палаты абшчын парламента Вялікабрытаніі заявіў пра наўмыснае парушэнне ўладамі Беларусі ўсіх міжнародных авіяцыйных правілаў і нормаў бяспекі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239