Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/07/19/ru_1094962_1094964_123/
Дата раздрукоўкі: 25.07.2021 08:10
19.07.2021 17:10 Палітыка, Грамадства

Журналісты "Белсата" і "Радыё Свабода" не выйшлі з ізалятара праз трое сутак пасля затрымання

Мінск, 19 ліпеня. Пяць журналістаў тэлеканала "Белсат" і "Радыё Свабода" застаюцца ў зняволенні праз 72 гадзіны пасля затрымання.

Не выйшлі на волю журналісты "Белсата" Ганна Галёта і Ігар Ілляш, паведамляе тэлеканал.

Паводле звестак праваабаронцаў, застаюцца за кратамі затрыманыя 16 ліпеня журналісты "Радыё Свабода" Алег Груздзіловіч, Алесь Дашчынскі і Інеса Студзінская.

У чым абвінавачваюць журналістаў, невядома.

16 ліпеня ў Мінску і іншых гарадах сілавікі правялі вобшукі больш як у 20 прадстаўнікоў незалежных СМІ і фрылансараў, а таксама ў офісе "Радыё Свабода".

У гэты ж дзень начальнік галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта Уладзімір Шышко, каментуючы вобшукі і затрыманні, заявіў пра атрыманне "дакладнай інфармацыі аб дачыненні кіраўнікоў і работнікаў шэрагу недзяржаўных арганізацый і аб'яднанняў, а таксама прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі да ценявога руху значных фінансавых сродкаў, у першую чаргу тых, якія паступаюць з-за мяжы, нявыплаты падаткаў і фінансавання рознага роду пратэстнай актыўнасці насельніцтва Беларусі".

За апошнія 10 дзён у рэдакцыях і кватэрах прадстаўнікоў СМІ праведзеныя 63 вобшукі, з пачатку года — 107. Пад вартай знаходзяцца 33 супрацоўнікі незалежных медыя (за вылікам адміністрацыйных работнікаў — 22).

Усплёск рэпрэсій супраць СМІ і "трэцяга сектара" пачаўся 8 ліпеня. У той дзень вобшукі прайшлі ў рэдакцыі "Нашай Нівы", офісе бухгалтэрыі выдання і дома ў чатырох супрацоўнікаў "НН", якія пасля былі затрыманыя. Гэта галоўны рэдактар Ягор Марціновіч, кіраўнік аддзела маркетынгу і рэкламы Андрэй Скурко, галоўны бухгалтар Вольга Раковіч (адпушчаная 16 ліпеня) і галоўны рэдактар часопіса "Наша гісторыя" Андрэй Дынько. Іх падазравалі ва ўчыненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Вобшукі прайшлі па гэтым і 293-м артыкулах (масавыя беспарадкі). Праз 10 сутак Марціновіч, Скурко і Дынко не выйшлі з ізалятара і былі затрыманыя паўторна паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства па ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу). Усіх чатырох праваабаронцы прызналі палітвязнямі. Сайт nn.by быў заблакаваны паводле рашэння Міністэрства інфармацыі.

14 і 15 ліпеня ў Мінску і іншых гарадах прайшлі дзясяткі вобшукаў у офісах праваабарончых і грамадскіх арганізацый, палітычных партый і іншых структур, а таксама па месцы жыхарства праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў. Пасля вобшукаў было затрымана 12 чалавек, большасць з іх — праваабаронцы пазбаўленага дзяржрэгістрацыі цэнтра "Вясна".

Анастасія Лосіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239