Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/07/20/ru_1095039_200147/
Дата раздрукоўкі: 25.07.2021 09:51
20.07.2021 11:21 Палітыка, Грамадства

Дзярждэпартамент ЗША: На сустрэчы з Ціханоўскай абмяркоўвалася неабходнасць шырокага палітычнага дыялогу ў Беларусі

Мінск, 20 ліпеня. Прадстаўнікі Дзяржаўнага дэпартамента ЗША на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай 19 ліпеня ў Вашынгтоне абмеркавалі неабходнасць шырокага палітычнага дыялогу і новых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі пад міжнародным наглядам, гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Дзярждэпартамента Нэда Прайса.

"Намеснік дзяржаўнага сакратара па палітычных пытаннях Вікторыя Нуланд і дарадца дэпартамента Дэрэк Чоле сустрэліся з лідарам дэмакратычнай апазіцыі Беларусі Святланай Ціханоўскай у Вашынгтоне, акруга Калумбія, — адзначыў ён. — Да сустрэчы далучыўся дзяржсакратар Энтані Блінкен. Яны абмеркавалі неабходнасць спынення рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі, роўна як і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі, шырокага палітычнага дыялогу і новых прэзідэнцкіх выбараў пад міжнародным назіраннем. Акрамя таго, яны падкрэслілі нязменную падтрымку Злучанымі Штатамі дэмакратычных памкненняў беларускага народа".

Як паведамлялася, на брыфінгу 19 ліпеня Прайс паведаміў, што падчас сустрэчы Блінкен і Ціханоўская абмеркавалі "працяг рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі" і тыя захады, якія міжнародная супольнасць чакае ад беларускіх уладаў.

"Спадарыня Ціханоўская знаходзіцца ў авангардзе апазіцыйнага руху ў Беларусі, і мы рады вітаць яе сёння ў дэпартаменце і працягваць нашы намаганні па падтрымцы беларускага народа і яго імкнення да правоў чалавека, дэмакратыі і больш шырокіх еўраатлантычных памкненняў", — заявіў ён.

Блінкен паводле вынікаў сустрэчы напісаў на сваёй старонцы ў "Твітэры": "Мы з намеснікам [дзяржсакратара Вікторыяй Нуланд] віталі лідара беларускай дэмакратычнай апазіцыі Святлану Ціханоўскую сёння ў Дзярждэпартаменце. Мы абмеркавалі шляхі выхаду з палітычнага крызісу: вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, інклюзіўны дыялог і новыя выбары. Жыве Беларусь!"

Паводле інфармацыі прэс-службы Ціханоўскай, 20 ліпеня ў Белым доме адбудзецца яе сустрэча з дарадцам прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам. Беларускі дэмакратычны лідар таксама наведае сенат і сустрэнецца з шэрагам сенатараў.

Астатняя рабочая праграма ў Вашынгтоне працягнецца да 23 ліпеня. З 24 па 27 ліпеня Ціханоўская наведае Нью-Ёрк, з 28 па 29 ліпеня — Сан-Францыска. Візіт у ЗША завершыцца 31 ліпеня ў Лос-Анджэлесе.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239